Дзе нашы Трыстан ды Ізольда?..

Алексей ШедькоАляксей Шадзько,
акцёр Маскоўскага мастацкага
акадэмічнага тэатра імя Максіма Горкага,
музыкант

Часам задаю сабе пытанне: «Чаму ж я не сыграў ніводнай па-сапраўднаму буйной ролі ў кіно?» Не па часе маёй прысутнасці на экране, вядома, а па матэрыяле. Сціпла лічачы сябе не апошнім акцёрам на гэтай планеце, адказу не знаходжу.

Балазе і не прапаноўвалася ж нічога такога — асаблівага. Цяпер не здымаюся наогул (апошняя роля — у фільме «Інсайт», які выйшаў у 2009 годзе): няма нармальных сцэнарыяў. Клянуся, запрасі мяне выпускнік ВГИКа зняцца ў яго дыпломнай рабоце, дзе будуць чалавечыя дыялогі, жыццёвы сюжэт, жывыя людзі, характары, я б сам яму даплаціў за гэты праект! А сёння і малако не ратуе акцёраў ад той шкоды, якую і ім, і гледачам, і культуры наогул наносіць сучасны расійскі кінематограф (пра шэдэўры кшталту «Вострава» Паўла Лунгіна я не кажу). Ды і ўпісаліся яны ўжо ва ўсю гэтую халтуру, растварыліся ў ёй.
Вось мне тэлефануе дама: «Мы хочам прапанаваць вам ролю ў серыяле». — «Пра што ён, як называецца?» — «Так і так». — «Ну-у-у... — у прынцыпе, мне ўжо ўсё зразумела. — Добра, дашліце, калі ласка, сцэнарый». — «...Навошта?.. Мы не дасылаем сцэнарыі». — «Дык а чаго ж вы тады тэлефануеце?» — І ўсё ж прыходзіць сцэнарый на сотню старонак. Я чытаю дзве першыя — і ўвесь стос аркушаў ляціць у сметніцу. Тэлефануе дама на наступны дзень: «Ну?» — «Я змог прачытаць толькі дзве першыя старонкі». — «Ну?» — «...Разумееце, гэта павінна быць нечуваная сума, каб я ў гэтым... зняўся. Я вам яе назаву, а вы мне скажаце: „Вы што, ачмурэлі?! Вас жа ніхто не ведае!“ Дык вось, дрэнна, што мяне ніхто не ведае. А трэба чытаць сякія-такія артыкульчыкі пра мяне, ведаць маю творчасць. Вы самі знаёмыя з ёй хоць крыху?» — «...» — «А каго тады вы ведаеце? Гошу?» — «...Мы больш за такую суму вам заплаціць не можам...» — «І дзякуй Богу. Але за званок і сто старонак дзякуй». І яшчэ гісторыя. Актрыса майго тэатра сасватала мяне ў адну карціну. Прыходжу на пробы. Памочнік рэжысёра ў гневе: «Я вам дваццаць разоў казала, а вы ўсё сядзіцё! Хутка заходзьце!» Ну я ёй пару ласкавых і сказаў... Вось такое сёння расійскае кіно, якое пацынаецца са «сцэнарыяў» і хамства памрэжаў.
З Беларусі не тэлефануюць, не клічуць. Ды і дзе здымацца? У Дзмітрыя Астрахана? У нацыянальным блокбастары? У пераспевах накшталт «Белыя росы. Вяртанне»? І нібыта рэжысёры, якія атрымалі адпаведную адукацыю, у нас ёсць. Але што яны знялі? А сцэнарысты? Сцэнарый «Інсайта» Алены Калюновай быў нядрэнны. Праўда, пры стварэнні фільма яго, лічу, сапсавалі.
Якім мог бы аказацца сёння беларускі фільм? Можа, варта пакапацца ў гісторыі Радзівілаў, знайсці там цікавую плётку, казку, легенду. Каб з канфліктамі, з любоўнай лініяй. З нашымі Трыстанам і Ізольдай. Урэшце, выдумаць сюжэт, заснаваны на рэаліях таго часу. Як «Тры мушкецёры» Аляксандра Дзюма. Але каб не атрымалася так, як у апошняй экранізацыі «Ціхага Дона» Сяргеем Урсуляком, дзе казакі — нібы только што ад люстэрка. Дзіўная лажа для рэжысёра, які зняў «Жыццё і лёс»...

Занатаваў Алег Клімаў
Фота Таццяны Матусевіч

«Культура», № 13 (1243) 26 сакавіка 2016 г.

 

 

Случайное фото

kolyda.jpg
Яндекс цитирования
Яндекс.Метрика
200stran.ru
Рейтинг@Mail.ru
tveedo