Тэатру патрэбен крызіс?

Алексей ШедькоАляксей Шадзько,
акцёр Маскоўскага мастацкага
акадэмічнага тэатра імя Максіма Горкага,
музыкант

Можа, я буду залішне катэгарычны, але ў расійскай сталіцы, куды я пераехаў з Мінска, тэатр памірае. Добра, скажу больш мякка: яго мастацтва абясцэньваецца.

Калі казаць пра глабальныя рэчы, а не пра фінансаванне (хоць і яно — рэч глабальная) і не пра матэрыяльны дабрабыт публікі, і ў сувязі з гэтым — агульны песімістычны настрой, то прычын некалькі. Дэградуе тэатр у чымсьці з-за слабой сучаснай драматургіі. З-за рэжысёраў, што пераносяць на сцэну замежную лухту і ездзяць па еўропах у пошуках знаходак, месца якім у паноптыкумах, альбо наадварот — карыстаюцца пры пастаноўках тым стандартным інструментарыем, які ўжо даўно амаль паўсюль памёр. З-за акцёраў, якім граць «нішто», і якія занятыя гульнёй пад назвай «тэатр», «спектакль», робячы выгляд, што жывуць і паміраюць (а калі ты прыйшоў у тэатр служыць, то абавязаны ў ім і паміраць «па-сапраўднаму»).
Што такое сучасны расійскі тэатр, растлумачу на прыкладзе кіно, серыялаў. Вось нам паказваюць, як едзе машына. Здалёк. Спачатку яна маленькая-маленькая. Але ж едзе, набліжаецца, павялічваецца ў памерах, праносіцца міма нас, аддаляецца, становіцца зноў маленькай-маленькай. І так хвіліны тры. А ў машыне сядзяць двое і вядуйь размову: «Як прыедзем, трэба будзе падпісаць паперы» — «А як жа следчыя?» — «Потым патэлефануем туды, Пятровічу». Насычаная такая размова... Ці пакой перад намі, у якім кабета набірае тэкст на камп’ютары. Доўга, хвіліны тры. Заходзіць іншая жанчына: «Люся, Пятровіч не заходзіў?» — «Не заходзіў» — «Як з’явіцца, скажы, што паперы ад следчага прыйшлі...» Дык вось, тэатр становіцца такім жа.
У маскоўскіх тэатрах стала менш мастацкасці, чалавечнасці, упор робіцца на забаўку, празмерную відовішчнасць — лабавую, часцяком пошлую, калі творы класікаў прэпаруюцца, інтэрпрэтуюцца, дапісваюцца або абразаюцца так, што гэтыя геніі лакцямі і каленямі папрабівалі труны, перварочваючыся ў іх. Яны і падумаць не маглі, што праз шмат-шмат гадоў рэжысёры-наватары «ўзбагацяць» іх п’есы такімі інтымнымі падрабязнасцямі чалавечага жыцця, на якія і намёку не было ў адпачатковых тэкстах. Асабіста мяне ратуе класіка. Урэшце, я сам ішоў у той тэатр, дзе яна была на высокім узроўні, і ўзровень той не знізіўся да гэтага часу.
Прыязджаючы ў Мінск, я ў тэатры не хаджу. Патлумачу. Гады чатыры таму сустрэў на вуліцы знаёмага акцёра: «Што ў Мінску цікавага са спектакляў з’явілася?» — «Нічога». Тры гады таму: «Што?..» — «Нічога». Два гады таму... Днямі ў адной актрысы пытаюся: «А вось я нешта такое чуў...» — «Не трэба, не хадзі». — «А гэта?..» — «Ой, гэта наогул трындзец...» І ўсё, з цяперашнім тэатральным жыццём беларуская сталіцы я азнаёміўся. Няма падзей, пра якія б усе казалі. Так, падзейкі. Можа, мае калегі прадузятыя, і верыць ім нельга? Але веру, бо сам колькі гадоў варыўся ў той самай кашы, таму прыблізна ў курсе цяперашніх тэндэнцый. У якісьці з апошніх прыездаў сутыкнуўся з адным вельмі вядомым тэатральным дзеячам. «Як ты там?» — ён мне. «Нармальна. Шостую прэм’еру выпускаем». — «За год?» — «Так». — «Крута... А нам ледзь-ледзь на адну грошай нашкрэблі». І гэта не абы-які тэатр і не абы-які рэжысёр.
Я перакананы: і маскоўскі тэатр, і мінскі павінны прайсці праз крызіс: змены і там, і тут неабходныя. А крызіс — штука балючая: тэатр кідаецца з боку ў бок, і бакі гэтыя нярэдка непрывабныя, як у выпадку з Масквой. Мінск — больш патрыярхальны, і беларускі тэатр стараецца захаваць карані, ён асцярожны. Напэўна, гэта добра. З іншага боку, не трэба нацягваць стары паношаны фрак на сучасны тэатр.

Занатаваў Алег Клімаў
Фота Таццяны Матусевіч

«Культура», № 6 (1236) 6 лютага 2016 г.

 

Случайное фото

sapega.jpg
Яндекс цитирования
Яндекс.Метрика
200stran.ru
Рейтинг@Mail.ru
tveedo